Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гуллівы вецер

Гляне месяц з-за хмары,
Бы юнак сарамлівы,
Прынясе з сабой чары
Лёгкі вецер гуллівы.

Тут зачэпіць галіну
Ці засвішча старанна,
Там закружыць каліну,
Што квітнее. бы панна.

Палюбоўнік, нясмела
Да чаромхі прыстане,
Так пяшчотна, умела
Цалаваць яе стане.

Пра каханне ёй скажа,
І што лепшая ў свеце.
Ненадоўга прыляжа
На духмяным суквецці.

У прыгожай бярозы
(Ах, свавольнік, гарэза!)
Ён заблытае косы
І палеціць да бэза.

Панясе яго водар
Кучаравай рабіне,
Што сумуе наводдаль
Прыгажуняй-дзяўчынай.

Быццам нешта ўспомніць,
Засмяецца, абдыме,
-Мяне ліхам не помні!
І з палёгкаю згіне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Гуллівы вецер - Ірына Касянкова