Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сузор’е Рыб

За ноч адну і тысячы начэй,
Заплеценых абдымкамі ў абдымак,
Не наталіць да слодычы вачэй,
Не злашчыць губ – не сцалаваць з плячэй
Рассыпаных
Сузор’ем Рыб
Радзімак.

А неба, дзе плыве сузор’е Рыб,
Ушыркі рассыпаецца і ўглыб
Пустотамі міжгалактычных дымак,
Хоць нанава нябёсы перасып,
Сузор’і ўсе – абдымкамі ў абдымак.

Што нам да неба – і яму да нас?..
Так соладка, нібы ў апошні раз
Ляцім у снах – абдымкамі ў абдымак,
I ў валасах, не выбраныя ў час,
Праменяцца сузор’і невідзімак
I сыпяцца, як срэбра на атлас.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сузор’е Рыб - Уладзімір Някляеў