Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш І вечнасьць у тваіх вачох

І вечнасьць у тваіх вачох,
і невычэрпная самота,
і вохры восеньскай агонь.
Па цьмяных жнівеньскіх начох
душа у пошуках пяшчоты
блукае і лістом каштану
табе кладзецца на далонь,

І неспазнанага яшчэ
не адчувае набліжэньне –
спакусы сарамлівы страх
па жылах, нібы ртуць, цячэ,
а мы – два прывіды, два цені
на покліч соннага аргану
ляцім бяз прыкрых апранах;

І бразгат медных ланцугоў
я чую як па круглым пляцы
абцасы цяжкія зьвіняць,
і зграі шэрых пацукоў
пад намі ў цемры мітусяцца,
і нашы целы апантана
грызуць і соладка вішчаць…

Няўтульна ў тлумнай абалонцы,
але ж ты першая ў яе
сыходзіш,
ранішняе сонца
трызьненьні зьнішчыла мае.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш І вечнасьць у тваіх вачох - Алесь Емельянаў