Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мім крычаў аднымі вачамі

Мім крычаў аднымі вачамі.
мім крычаў у невыносным
нямым адчаі.
і ля скроні на белым твары
білася птушкай
малая жылка ў шаленстве вар’ята.
ў глыбіне шэрых зрэнак
адна за адной
паміралі мары
і праходзілі роты салдатаў
несусьветнай вайны.
а яны – усе яны,
у зале, у цемры, у разгубленасьці
плакалі ўголас
ад сухіх вачэй міма,
бы засланых дымам
няскончаных рэвалюцый
і чарніламі непадпісаных рэзалюцый
аб межах
дзьвюх краін.
сотні прамарнаваных чалавечых гадзін
жылі ў гэтых вачах,
у кісьцях ускінутых рук –
мім крычаў у сонны брук,
у лянівыя хмарачосы
якія так і не дасягнулі
ні нябёсаў,
ні Бога.

27.07.11

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мім крычаў аднымі вачамі - Юлія Вяршыла