Верш На якіх бы “языцех” размовы
На якіх бы “языцах” размовы
Пры сустрэчы сябры ні вялi,
Мне мiлей беларуская мова –
Дзіўны скарб маёй роднай зямлi.
Каб не ляснуцца “тварам аб глебу”,
Буду іншыя мовы вучыць,
Але ж наша не меней мне трэба
Дзеля песнi, што ў сэрцы гучыць,
Для выказвання шчырай любові
Да матулі-Радзімы маёй:
Хай жыве беларуская мова,
Каб заўжды размаўлялі на ёй!
Без яе анiяк немагчыма!
Без яе – жабракi мы i голь!
Гэта – голас любімай Айчыны,
Як да хлеба надзённага соль!
Гэта – ціхія спевы матулi –
Калыханкі-ахоўніцы сноў
І дзiцячыя “гулi-агулi”
Самых першых цi гукаў, цi слоў,
I маленькiя кніжачкi-казкi,
Што па літарах зведаў ты сам,
I ласкавы адказ “калi ласка”,
Што гаворыцца шчыра людзям.
Гэта – моўныя хвалі: “кахаю”,
“Подых ветрыка”, “водар сасны”,
“Промні сонейка”, “шчасце без краю”
І “шыкоўная квецень вясны”.
Ці не радасць – гаворку завесці?
“Прывітанне” – вітаючым нас!
Як салодка гучыць “Смачна есцi”!
I як весела “Дзякуй” – адказ!
“Добрай раніцы”, “Свята”, “Цудоўна”, –
Што ні слова – лунанне душы!
Беларусы – народ памяркоўны,
Хоць і нехта назваў – бульбашы.
Наша мова – бы чыстыя воды,
Што ў крыніцах нястомна журчаць…
А цi ж гэта не наша свабода –
Мовай продкаў сваiх размаўляць?!
2009