Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мілагучная, непараўнальная

Мілагучная,
непараўнальная…
**************************************

І балюча, і горка, і сорамна –
Нашай мовы амаль не чуваць.
На пяшчотнай, матульчынай, родненькай
Развучыліся мы размаўляць.

А яна ж трапяткая, цымбальная –
Нібы ў ранішніх травах раса.
Мілагучная, непараўнальная,
З васілёчкамі ў валасах.

Што ні слова – лагодна-гаючае,
Хоць да раны яго прыкладай.
І руплівае, і неўміручае,
І салодкае, як каравай.

З залатымі калоссямі жытнімі
У рамонкава – казачным сне
Наша мова ў дзяцінства спавітая,
Працінае і лашчыць мяне.

Вострых косаў знаёмаю песняю
Абуджае дзядулеў пракос.
І маленькай пралесачкай весняю
Каляровы наладжвае мост.

Вышыванымі сцеліць абрусамі,
Пачастуе сяброў і гасцей.
Памяркоўная, беларуская –
І няма за яе прыгажэй!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мілагучная, непараўнальная - Лёля Багдановіч