Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Настаўнікам

Не цурайцеся роднага слова.
Гэта – ваш абавязак і хлеб,
Гэта – душаў дзяціных аснова,
Гэта – наша з галоўных патрэб.

Размаўляйце заўжды без прынукі,
І са шчырай душой, бессаром,
Пры сустрэчы, як здасца разлука,
Нават і за хаўтурным сталом.

Хай крынічкаю мова бруіцца.
Ваша слова – як прыклад для ўсіх.
Закарціць нетутэйшым напіцца,
Хоць і сцісне пагардаю дых.

Толькі гуртам – з любоўю і прагай –
Зможам слова сваё адрадзіць.
Мову мучыць пякельная смага,
Хоча мова не ўмёрці, а жыць!

Размаўляйце – спяліце зярняты,
І не грэбуйце цяжкай сяўнёй.
Бо тады стане край наш багатым,
Калі мове не здрадзім сваёй.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Настаўнікам - Мікола Ляшчун