Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш К чорту гарэлку, шэйкі і твісты

К чорту гарэлку, шэйкі і твісты,
Юную голаў хлусьнёю кружыць!
У сэрца народу скірованы выстрал,
Жыць яму заўтра, альбо ня жыць…

Мовай ня нашай заплавілі горад,
Ціхіх сялянак ня лічаць людзьмі,
Нельга ўлівацца ў чужацкае мора
Юнасьцю нашай, крывёю, дзяцьмі.

Нельга. Мы ўдома свае, а ня сьведкі.
Няпрошана злыдні абселі сталы,
Кідаюць “з ласкі” свае нам аб’едкі,
Плодзяць халуйства на нашай зямлі.

Мы – стража ля нашай народнай калыскі.
Вораг суровы і лёс наш круты,
У нас за плячыма крычаць абеліскі,
З крыўдаю ў сэрцы падходзяць браты.

Мы сёньня лёсу Радзімы зарука,
Выканаць нам, што бацькі не змаглі.
У нас запытаюць з дакорам унукі
Аб волі, аб мове радзімай зямлі.

Сёньня ж на пласе родная мова,
Вырваць жывую належыць з агню,
Слова “кахаю” – слабае слова,
Мужнае слова – абараню!!!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш К чорту гарэлку, шэйкі і твісты - Ларыса Геніюш