Верш Мова родная… Беларуская
Мова родная… Беларуская…
Ты – мая назаўсёды любоў.
Не ў лясочку – сцяжыначка вузкая,
А – прасторы жытнёвых палёў.
Ахіне ветрык вольнымі словамі –
І ў душу завітае святло.
А ці сталі б народам без мовы мы,
Каб на свеце яе не было?
Мова шчырая… Мілагучная…
Жаўрукамі гаворкі звіняць.
Хто сказаў пра яе, што – нязручная,
Каб штодзённа на ёй размаўляць?
Адмаўляць мове роднай у годнасці –
Бы ў галоднага хлеб адымаць.
Хто не згодны з яе неабходнасцю,
Не спяшайце яе зневажаць.
Мова светлая… Мова чыстая…
Паспрабуеш – і хочацца піць.
Бы крынічныя воды, празрыстая –
Не спыніць яе, не замуціць.
Як калісьці на ёй (сведкі маюцца)
Продкі песні спявалі свае,
Так і сёння нашчадкі натхняюцца
Срэбразвонным напевам яе.
Мова мілая… Прыгажэйшая
З лепшых моў, што дагэтуль былі.
Хто яе абылгаў, што – бяднейшая,
Чым астатнія мовы зямлі?
Без яе не праліць сэрца словамі,
Без яе хараство не апець…
Даражыце, бы скарбніцай, моваю,
Каб сваю, беларускую, мець!
Мова цеплая… Мова матчына…
Што ні слова – свая прыгажосць.
Мы павінны быць лёсу удзячнымі
І за тое, што мова ў нас ёсць,
І за тое, што ” роснаю раніцай
Запаліўшы святлом далягляд,
Промні сонейка нам усміхаюцца
І спявае навокал зямля”…
19.12.2010