Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адцвітае і нямее мова

Адцвітае і нямее мова,
Што калісьці нас з табой звяла.
Не парушыць позняя размова
Устойлівасць драўлянага стала.

Стол драўляны, стол чацвераногі,
Я табе не раб, не гаспадар,
За тваім парогам ёсць дарогі,
А над імі зорны каляндар.

Я хачу, каб праляталі суткі
З іскраметнай скорасцю свяціл,
Каб лугоў стаптаных незабудкі
Зоркамі ўпляліся ў небасхіл.

Я вялікаму заўсёды верыў,
Бачыў лепшае, чым бачыць мог,
Нават там, дзе лёс жалезам мераў
Тры аршыны ўзбоч маіх дарог.

Я шукаў не зваблівую кветку,
А таго таварыша, з якім
Без аглядкі ходзяць у разведку,
Грэюцца дымком адным.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Адцвітае і нямее мова - Аляксей Пысін