Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Жыцця майго і смерці пераправы

Жыцця майго і смерці пераправы,
і Сталінград дагэтуль сняцца мне…
Зваліўся я, падкошаны жалезам,
абняў рукамі родную зямлю.
Яна прапахла дымам і палыннай
слязою нашых матак і дзяцей.
Калі я моцна сціснуў яе ў жменьцы –
праз пальцы пырснула густая кроў!..
Не помню, як мяне на самалёце
вязлі ў шпіталь, далёка на Урал,
дзе па імшарах шэрых журавіны
цвітуць і спеюць позна, як і ў нас.
Я толькі ўбачыў стол аперацыйнай,
у вокнах – чарналапую тайгу.
Спакой навокал,
Гэтак бела-бела,
нібы калыша воблака мяне…
Мае здранцвелыя разнялі пальцы –
пасыпалася на паркет зямля.
I жвір маўкліва, доўга разглядалі,
пасля сабраў у жменьку санітар.
Сівенькі, на майго падобны дзеда,
нячутна ён падаўся да дзвярэй.
А раненыя трызнілі аб Волзе…
За вокнамі агні
і чорны снег…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Жыцця майго і смерці пераправы - Анатоль Вялюгін