Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Майго дзяцінства сенажаць

Майго дзяцінства сенажаць.
Прыйшлі мы з мамай сена жаць.
Са мною роўная трава
Шугае ў гаі
Крапіва!

І мне прыемна, што яна
За канюшыну будзе нам
Да балаціны дамяшаць
Зімой скаціну суцяшаць.

– Мо лепш было б яе касіць?
– З касой тут рады не дасі.

Нідзе не дзенешся – цярплю,
Сярпом сагнуўшыся, сярплю.

Дзень сонца жар разварушыў.
Зірнуў: аблокаў – ні душы.
Хоць плач,
Калі жаданне ёсць:
На твары пот не выдасць слёз.

Ды мама жніўную пяе –
Аж гай заслухаўся яе!
І вось пачуў:
– На сёння до –
Усохне будзе сем пудоў…

Нібы праз вопратку тады,
Яшчэ смыліць мне праз гады
Майго дзяцінства сенажаць.
Прыйшлі мы з мамай сена жаць.

І часта ўсмешкаю кране –
Што аніколічкі мяне,
Хоць быў я неслухам парой,
Не біла мама крапівой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Майго дзяцінства сенажаць - Станіслаў Валодзька