Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Стары музыка

СТАРЫ МУЗЫКА

Бярэ у рукі свой стары гармонік,
Садзіцца з ім пад яблыню ў двары,
Яму, як сябру, слоўца рад прамовіць,
Яго равеснік, гарманіст стары.

З ім некалі ўздымаў завею танцаў,
І зорачкі запальваў у вачах.
І не магла ў адказ не заўсміхацца
Яму найпрыгажэйшая з дзяўчат.

І з ім дарогі франтавыя мераў,
І на прывалах да грудзей туліў.
Ў салдацкіх сэрцах раздзімалі веру
Яго мяхі – кавальскімі былі.

З гармонікам, параненым асколкам,
З вайны дамоў пашчасціла прыйсці.
І збіўся з ліку – давялося столькі
Сыграць вяселляў шумных і хрысцін.

І як бы не стараўся час таропкі,
Не парасло нічога забыццём.
Стары музыка, быццам тыя кнопкі,
Перабірае ў памяці жыццё.

А музыка такі настрой стварае,
Што й хаты не ўтрымаліся ад слёз.
І верыцца яму, щто гэта гранне
Яго Гануля слухае з нябёс…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Стары музыка - Станіслаў Валодзька