Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Адмаўлялі маю радзіму

Адмаўлялі маю радзіму,
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.

А цяпер, драпежныя, дзеляць,
Як вялікі каштоўнейшы прыз,
Фаліянты старыя, што ў келлях
Мае продкі спісалі калісь.

У вялізных шумных сталіцах,
Дзе шукаць цяпер адрасы?
Як палонныя, на паліцах
Дрэмлюць слуцкія паясы.

Аж трымцяць, трымаючы дзверы.
Для забаў
– хай зайздросціць Парыж! –
У калекцыі мільярдэра
Ефрасінні Полацкай крыж.

Ім хацелася, мецэнатам,
Тых калекцый папоўніць груз:
У свае заморскія шаты
Залучыць саму Беларусь.

Адабраўшы даўняе гора,
Зрабаваўшы слёзы і пот,
Захацелі, каб на гісторыю
Назаўжды забыўся народ.

Вось чаму столькі год радзіму
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адмаўлялі маю радзіму - Вольга Іпатава