Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зіма запрагла сваіх коней

Зіма запрагла сваіх коней –
Сівых рысакоў табуны,
I пах сырамятных супоней
Шырока ўдыхаюць яны.

Даўно, уздыхаючы сыта,
Пра дальнія снілі шляхі,
А неба скрозь частае сіта
Снег сеяла на пірагі.

Над вёскамі дымкі віселі,
Нібыта сватоў ручнікі,
I ўжо на гулянкі-вяселлі
Склікалі радню дзецюкі.

Паўсюль рыхтаваліся сані,
Каб так праімчаць маладых,
Што вецер нястрымны адстане,
Ледзь-ледзь пераводзячы дых.

I вось, распускаючы грывы,
Ляцяць і ляцяць рысакі,
I наўзбач на снег зіхатлівы
З падкоў вылятаюць цвікі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зіма запрагла сваіх коней - Сцяпан Гаўрусёў