Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На зямлi, дзе гонкiя ялiны

На зямлi, дзе гонкiя ялiны
Дастаюць да неба галавой, –
Думаць анiколi не пакiну
Пра свой край – блакiтную Айчыну –
i пра час, ляцiць якi стралой.

На зямлi, дзе ёсць дзiвосаў безлiч,
Шмат што прад вачыма ажыло.
Думаю – пра пушчы вечнай велiч,
Што ўкрывае край сваiм крылом!..

Б’ецца ў бераг хмызняковы iслач,
Коцiць воды ў даль Бярэзiна –
Гэта ўсё красы жывой аблiчча,
Гэта ўсё Паэзiя… Яна –

Не, не за заслугi нам даецца,
Проста ўсiм на радасць iснуе,
Як i край, радзiмым што завецца,
Як i мары светлыя твае!..

…На зямлi, пагоркамi стракатай,
Сам нямала пратаптаў дарог.
Бачыў прыгажосцi я багата,
Без якой i дня пражыць не мог.

З новай песнi, нiбыта малiтвы,
Пачынаўся мой працоўны дзень.
Кожны верш, з любовi ён адлiты,
З думкаю пiсаўся для людзей –

Землякоў, хто працай памнажае
Славу дарагiх сэрцу мясцiн:
Нашы звычкi, мову паважае,
Бо ў душы – i ён хрысцiянiн!..

I радкi, як струны, зноў звiнелi,
Славiў я ў свеце – Прыгажосць,
Каб душой нiколi не чарсцвелi,
Каб на свет адкрыта мы глядзелi,
Шанавалi тое – што ў нас ёсць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш На зямлi, дзе гонкiя ялiны - Міхась Курыла