Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Святло галінкі

Лісток.
Галінка.
Яры першацвет.
Да сонца сокі выганяць галіну…
Паўторацца ў ёй бліскавіцы след,
Разгалістасць вясновай ручаіны,
Нябачныя ў глыбінях карані,
Сцяжынкі ўсе
На шорсткай далані.

Галінка –
Дрэва чуйная рука,
Што пальцамі гучкоў сваіх збірала
Расінкі неба,
Подых свежака,
Пакуль не стала гузаватым ралам –
Працягам чалавечае рукі,
Што рыхліла дзірван на камякі.

Святло галінкі –
З сонечным раўня,
Насустрач сонцу
Шле прамень зялёны…
Ў турботах імі створанага дня
He заўважаем,
Як шчыруе крона.
Святло яе –
Паверыць я гатоў –
Ідзе да зорак тысячы гадоў.

Зялёнай дзесьці –
За яе святло –
Зямлю завуць.
Агорне часам скруха,
Што гэтае святло да зор дайшло,
Калі ўжо дрэва на зямлі патухла.

Святло галінкі!
Жудасна,
Калі
Яно дачасна гасне на зямлі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Святло галінкі - Генадзь Кляўко