Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада сквера

Прысвячаю Ларысе Раманавай
і маім мінскім сябрам

Пакідаю твой боль
і сваю адзіноту
пад нагамі прахожых
у восеньскім скверы,
дзе пісаліся вершы
і казаліся словы –
непачутыя словы
недаспелыя песні;

Там між бэзу і клёнаў,
як і мы, шчэ зялёных,
я шукала надзеі
у свайго дабрадзея.

У каменных абдымках
сталі хвалі ручнымі,
ды не сцішыцца сэрца
пад уяўным спакоем.
Гэты свет – нашы краты,
крышталёвыя краты:
нам і вольна, і весела,
ды ўдваіх там зацесна;

Там між бэзу і клёнаў,
як і мы, шчэ зялёных,
я губляла надзеі
праз свайго дабрадзея.

Рассычалася рэха
апошніх трамваяў,
за шпітальнай фіранкай
гайдаліся дрэвы.
Я была па-за светам,
па-за сном, па-за вамі –
у тэатры абсурду
з дэкарацыяй сквера;

Там, між бэзу і клёнаў,
як і мы, шчэ зялёных,
абламанай галінкай
я знайшла цябе, сынку.

1990-я

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Балада сквера - Ангеліна Дабравольская