Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Над безданню

Калі воўк захварэў,
Ён ад зграі ўцякае ў гушчар;
Боль нутра
Лечыць зеллем гаючым
У пушчы сабака…
Чым жа мне ўціхамірыць
Душы запалёнае жар,
На бязлюднасці стылай
Азябламу небараку?!

Ці спрабую ўцячы
Я на бераг сцюдзёнай ракі,
Ці блукацьму па сопках
Адлучаным зверам самотным,
Ці гляджу, як плывуць
Хмаркі-лебедзі ў светлы блакіт,
Як бяжыць лёгкі цень
Над прастораю тундры вільготнай…

Дзьмуць з усходу вятры
У былую маю старану,
Дзе зямля маіх продкаў,
Бацькоў дарагія магілы,
Дзе мая Беларусь
Без мяне сустракае вясну,
Што дала катаржаніну
Прагу да волі і сілу…

Смерць спакойна сваю
Прыме моўчкі знясілены воўк,
Боль шалёны свой спыніць
Сабака чароўнай травіцай.
Я ж, чый роспачны крык
Анямела у горле замоўк,
Як змагу адзінотай згібення
Каварнаму лёсу скарыцца?!

Не ўцячэш ад самога сябе,
Лбом сцяны не праб’еш,
І жыццё, як іржавы ланцуг на нагах,
Безудзельна бразгоча.
Хіба ж мудрасці бог
Ніспашле сваю волю табе,
Каб адолець ты змог
Чарнарыззе бясконцае ночы?!

У тузе скавытаць
Можа лайка на поўню ўначы,
Можа воўк доўга выць
На дымок, што з ярангі віецца,
Мне ж не дадзена
Боль свой нясцерпны перамагчы,
Зарыдаўшы бязгучна,
Далоняй прыціснуўшы сэрца…

Мне прысуджана
Горка ўсміхацца ўсяму, што наўкруг,
Ўсім стварэнням зямным –
Чалавеку, казюлі, жывёле,
Мне прысуджана
Ў душы зірнуць душагубаў, зладзеяў, падлюг,
У калек і пачвар
Адшукаць знак чароўнае боскае волі!

Як пакінуць мне вас
Гэтай ноччу бяздоннай, нямой,
Зазірнуўшы сусвету
Ў яго таямнічыя вочы,
Каб світанак сустрэць
На паверхні зямелькі сваёй,
Назаўсёды пакінуўшы
Бераг бясконцае ночы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Над безданню - Алесь Звонак