Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Смелы Кот

Сабака ў сенцах выспаўся, пад’еў
I выйшаў на падворак, бо хацеў,
Як кажуць, крышачку размяцца.
Вось бачыць, ля варот
Ідзе суседскі Кот.
“Гаў, гаў! –
Сабака забрахаў, –
Бадзяцца
Прыйшоў на наш падворак, абармот!
Ты зараз ад мяне махнеш на плот”.
Ён да Ката наўсцяж памчаўся.
Па вопыту ён ведаў, што каты
Заўсёды ад сабакі лататы
Штосілы задаюць. А гэты не спужаўся.
З пагардай на Сабаку паглядзеў,
На сцежцы сеў
I лапу з кіпцюрамі ўзняў рашуча.
“Спрабуй вось, зачапі, – нібыта ён казаў, –
Адхопіш пачастунак мой балючы”.
Сабака гэтакай сустрэчы не чакаў.
Брахнуў, падціснуў хвост і дзёру даў.
На тым і скончана размова.

З хуліганам абыходзься так.
Пачне ён вырабляць,- пад нос яму кулак!
I хвост падшчэміць ён абавязкова.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Смелы Кот - Уладзімір Корбан