Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ліст з італіі

Баўлю час я ў дзіўным краі
Ля падножжа Альпаў стромых
і мясьцін, з якіх паходзіць
Пан вялікі Жыгімонт.
Прамысловасьць тут буяе,
Беспрацоўе невядома.
Край памежны гэты носіць
Гучнае імя П’емонт.

Тут лацінская культура
Сустракаецца з паўночнай,
Экспрэсіўная натура
Стрыманай глядзіць у вочы.

У размовах ужываюць
Рыма-гальскую трасянку.
Стравы грапай дапаўняюць
На вясёлай пагулянцы.

Экстрэмальная прырода,
Да дзівацтваў клімат схільны.
Гор узьняты ў неба мост…

Тут паўлін трымае горда,
Нібы сьцяг ці герб фамільны,
Доўгі свой стракаты хвост,
Ці павольна пераходзіць
З сябруком аўтадарогу,
Не зважае, што кіроўца
Можа хвост адпрасаваць…

Ноччу кот на шафе шкодзіць,
Ці сігае на падлогу,
Трэба шчыльна зачыніцца,
Калі хочаш добра спаць.

Край той горны, навальнічны:
Часта ў ім маланкі неба
На кавалкі расьсякаюць,
Вецер шкоды шмат наносіць,
Дрэвы і платы ламае
і дарогі засьцілае
Лісьцем і гальлём сучастым.

Сонца ўсё раней заходзіць,
і паўлін свой хвост адкінуў,
Стаў жывёлай непрыкметнай,
Нібы курыца ці гусь.

Пэўна, час прыйшоў, народзе,
Нам вяртацца ў краіну
Памяркоўнасьці адметнай,
Больш прывычнай – Беларусь.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ліст з італіі - Зміцер Давыдзенка