Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Восені кладзецца ліст журботны

Восені кладзецца ліст журботны
На сухія з чэрвеня брады.
Неўпрыкмет у вырай незваротны
Птушкамі ляцяць мае гады.

Прамільгнулі чайкі дзён дзіцячых
Меней стала ў справах мітусні.
Прашумелі галкі дзён юначых –
Болей стала ў сэрцы цішыні.

Салаўі спатканняў вечаровых,
Бесклапотнасці былой дразды
I былой нястрыманасці совы
Зніклі з майго неба назаўжды.

Ім на змену з далечы марознай
Прыляцелі роздуму паслы:
Лебедзі турбот і спраў сур’ёзных,
Вопыту і сталасці буслы.

Ліст апаў, і снег яго прыпудрыць.
ІІрыйдзе час, і я з чужых краёў
Прычакаю птушак самых мудрых
Прычакаю белых жураўлёў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Восені кладзецца ліст журботны - Віктар Гардзей