Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Ластаўкі над акном

Радасць у сэрцы зноў
Ластаўкаю шчабеча.
Ластаўкі над акном
Помніцца будуць вечна.

Ластаўкі над акном.
Мы ім радня таксама,
Бо і для іх наш дом
Лепшы і мілы самы.

Ластаўкі над акном,
Перш чым падацца ў вырай,
З неба жагнаюць дом,
Нас асяняюць шчыра.

А як з краёў чужых
Ластаўкі прылятаюць,
Мы сустракаем іх
І, як радню, вітаем.

Ды не вярнуць гадоў…
Зараз ляцім таксама
З выраю ў родны дом
Ластаўкамі мы самі.

Бачым наш дом гняздом
Па-над акном азерца…
Як і ў маленстве, зноў
Радасць шчабеча ў сэрцы.

Верш Ластаўкі над акном - Станіслаў Валодзька