Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Радзіннае

Прывезлі сёння ў госці да мяне
Майго нашчадка – праўнука-гарэзу.
Частуемся з ім салам на ражне
Пад дыспут па касмічнаму прагрэсу.
Хоць сельскі быт яму не ўпершыню,
Усеўшыся на дзедава калена,
Дзівуецца, як полымя агню
Аблізвае альховае палена.
Мы ісціну сялянскай даўніны
Зноў спасцігаем са сваім унукам:
Няма смачней за мякіш аржаны,
Калі пад скваркай ды з гарачым тукам.
З такіх сустрэч абодвум нам карысць.
Хай за акном мяце калючым снегам,
Мне ў радасць нешта з ім абгаварыць
Ці й памаўчаць з разумным чалавекам,
У спрэчках аргумент такі-сякі
Абмеркаваць “на роўных”, як мужчыны,
Адчуць, што мы не проста мужыкі,
Мы – годныя сыны сваёй Айчыны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Радзіннае - Мікола Пацяюк