Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З кутка жаданняў

З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця –
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.

Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём –
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.

Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну, –
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям –
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.

За лепшу долю роднага краю,
За сваіх браццяў ў святой барацьбе –
Гэтакай толькі смерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш З кутка жаданняў - Янка Купала