Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА КАСТУСЯ АКУЛЫ

(16.11.1925– 29.01. 2008)

Далёка Радзіма, як зорка Венера,
Якая заўсёды ўначы прад вачыма
Была, і ў душы не цямнілася вера,
Што з карты Еўропы не знікне Радзіма,
Бо там ёсць каму за Радзіму змагацца,
Калі да змагання Радзіма пакліча.

У небе не зоры, а іскры мігцяцца
Ад нашага вечнага крыўскага зніча,
Які мы нясём праз вятры і стагоддзі,
Каб светла было нам на нашай зямлі,
Каб жыў наш народ, не знікала ў народзе
Любоў да свайго і да тых, што жылі,
Каб вечна жыла і квітнела Радзіма,
Бо толькі Радзіма нам шчасце дае
Глядзець на Радзіму душою-вачыма
І бачыць і ў шчасці, і ў горы яе…

І ты застаешся з Радзімай хоць сёння
Далёка Радзіма, як зорка Венера.
І крыж твой схіляецца ў светлым паклоне
У бок Беларусі, што верыла й верыць
Сынам, што любілі і любяць яе
Да смерці, аддана й без меры…

2.03.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА КАСТУСЯ АКУЛЫ - Віктар Шніп