Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У АПОШНІ РАЗ

Засмяглі вочы ў стомленым чаканні,
Палынна-горкім позіркам лаўлю
Тваё такое блізкае дыханне,
Тваё “Мая на ўсё жыццё. Люблю…”

І стоена, і сцішана-нячутна
Да ног бярозка хіліцца: “Адна?”.
Закаштаваўшы слодыч спелых вуснаў,
Ты тут п’янеў без п’янкага віна.

Лавіў вачэй гарэзлівых смяшынкі,
Кахання выварожваў берагі,
Шукаў да сэрца лёгкія сцяжынкі,
Пакінуў жа густыя пісягі.

Ізноў чакаць? Зусім не да патрэбы.
І што з таго: адна я – не адна?
Кахання не выпрошваюць, як хлеба,
На стол не ставяць, як бакал віна.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У АПОШНІ РАЗ - Вера Буланда