Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Храбрасць, смеласць, мужнасць, адвага

Храбрасць, смеласць, мужнасць, адвага,
Непахіснасць, рашучасць… – ?
Няўжо
Не мужчыны стаялі пад сцягам
На ахове сваіх рубяжоў?

I няўжо не яны ў паходы,
А жанчыны ішлі? Бо наўрад
Сталі словы жаночага роду
Ў гэты рад проста так – на парад…

Выпадковасць? Няхай выпадковасць…
На мінулым нейкіх замкоў,
Што трымаюць сэнс патаемны
Ў кожным слове – загадкай вякоў.

Як гісторыю не падцікоўвай –
Ёсць схаваны стагоддзямі свет.
Выпадковасць? Няхай выпадковасць –
Можа, ў ёй найвялікшы сакрэт.

Бог прыдумаў ход геніяльны –
Як у шахматах Карпаў ці Таль:
Быў Адам фігуркай глінянай
I застаўся ёю амаль…

А астатняе ўсё ад жанчыны –
I задумы, і кожны ход…
Ёсць на свеце ўсяму прычыны. Ёсць?
А раптам наадварот?

Помста, злосць, крывадушнасць, здрада…
Хопіць, хопіць – аж вусны звяло, –
Зноў спіхнуць на таемны выпадак
Ці згадзіцца: “Было ўсё, было…”?

Сэрцу вусцішна і няўтульна,
Розум холадам набрыняў…
Як ратунак словы прытульваю:
Чысціня, цеплыня, дабрыня.

I надзея, і радасць, і памяць
Той вясны, што нам крылы дала,
Толькі тут. I нішто не спаліць
Гэту вечнасць, якой Ты была.

Ты са мною – і свет не загіне.
Да грудзей прыпаду галавой –
Не багіня, а берагіня,
Абярэжніца, бераг мой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Храбрасць, смеласць, мужнасць, адвага - Васіль Зуёнак