Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Ішоў той самы трыццаць пяты.
Пасля вясенняе сяўбы
Адзначылі ў калгасе свята –
і сход, і стол гасцінны быў.

Сабралася людзей нямала,
Бо з кожнай хаты хтось прыйшоў,
і райначальства завітала.
Усе паселі да стала.

Спачатку слухалі прамовы
Пра поспехі й задачы… больш.
Не гаварылася ні слова
Пра нечы асабісты боль.

Памылкі нашы й недароды,
Што ведала тады сяло,
Прыпісвалі тады ‘врагам народа’,
Якія ‘скрыто чинят зло’.

Пасля калгасу уручылі
Акт на валоданне зямлёй.
Затым жанчыны слова ўзялі,
Наводзілі парадак свой.

Накрытыя сталы раскрылі…
Пілі і елі, зноў пілі…
Спявалі нават, гаманілі,
Затым на танцы ў клуб пайшлі.

Гармонік – музыка такая,
Што зачароўвае людзей,
і кожная душа жывая
Сумотна не магла ўсядзець.

Віхрылі польку маладыя,
Жанкі выбегвалі кадрыль
Ды вальсавалі нат старыя:
Бабуля Наста, дзед Базыль.

Начальнік КДБ танцырыў,
Ані хвіліны не сядзеў,
Адчуў шырыню прасторы,
Абы-што непрыемна пеў.

Калі ж пачуў маю заўвагу,
Адразу сеў, пець перастаў,
У бок мой скіраваў увагу,
Хто я такі – ў жанчын пытаў.

Пасля… я бачыў небяспеку,
Баяўся, страшнага чакаў-
Шмат кніжак першай трэці веку
Са страху я агню аддаў.

Было ж са мной… пачуўшы словы:
– Наконт, захлеўе, Менск, хадзем,
Манкурт якісьці у размовах
Нацэльваў у мяне – “нацдем”.

Без нейкае ж віны, без хібаў
На згубу адпраўляў народ:
Зрабіў яжовец “перагібы” –
Яго адправілі ў расход.

Ягонай ласкі я не ўбачыў –
Сваю загубу абыйшоў.
Шкада кніжок, аж сэрца плача,
Шкада мне спаленых тамоў.
1996

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТЫ - Васіль Голуб