Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мокрыя травы

Я сумую па радзіме,
ІІа яе лугах і нівах,
Па трыпутніку, што гладзіў
Ногі збітыя мае,
Па укропе на гародзе,
Рэчках ціхіх і лянівых
I па сопкай белай бульбе,
Што на стол яна дае.

Я сумую па радзіме…
Бачу ціхія паляны.
Цёплы мёд яе маліны
Адчуваю на губах.
Ты – мая лясная казка
У красе доўгачаканай,
Ты – мая святая песня,
Свет адзіны у вачах.
Просты свет, дзе дрэмлюць хаты,
Дзе раса на травах снее,
Дзе у росных шатах чуцен
Гівала пяшчотны свіст,
Дзе наўсцяж канавы мокрай
Пышны кураслеп жаўцее,
I купае тлусты лопух
У вадзе мясісты ліст.
Мокры край. Дажджы і сонца.
Вільгаць сонечнага лета.
Жарабя бяжыць па лузе,
Радасна задраўшы хвост.
Цэлы век вісіць вясёлка
Над краінай мокрай гэтай,
І глядзяць спакойна коні
На нябесны дзіўны мост.

Я сумую па радзіме,
Як каханы па дзяўчыне,
Я жадаю ўвесь прыпасці
Проста да яе рукі,
Да грудзей – тугіх узгоркаў,
Да вачэй – азёраў сініх,
I замерці ў пацалунку
На гадзіны і вякі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мокрыя травы - Уладзімір Караткевіч