Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маё грамадзянства

Мне не рупіць вельмі пабываць
Ў эміратах розных і у ханствах
І з ахвотай здраднай памяняць
Дадзенае лёсам грамадзянства.

Не сумую па далёкім я
І па экзатычным не сумую,
Бо радзіма мілая мая
Тут, дзе я жыву, дзе я вякую.

Грамадзянства сталае маё
Там, дзе вежы, там, дзе камяніцы –
Сведкі лёсазнакавых баёў, –
Прашчур наш умеў за волю біцца.

Дзе Дняпро, дзе Нёман, дзе Вілля,
Дзе звініць нязмоўклым звонам птаства, –
Там мая радзімая зямля,
Там маё святое грамадзянства.

А яшчэ – дзе родны мой куток,
Дзе святло, дзе блішча промень волі, –
Я нашу ў душы яго, браток,
Не забыць мне пра яго ніколі.

І скажу, не тоячыся, ўсім,
Скінуўшы прытворнае убранства:
Я – не лёкай, я – грамадзянін,
Бо такое маю грамадзянства!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Маё грамадзянства - Валеры Максімовіч