Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Здаецца, нейкі розум маю

Здаецца, нейкі розум маю,
Але чамусьці дзень за днём
Усё адчайней урастаю
Ў палеткі Нэта каранём.

Як муха ў ліпкай павуціне,
Не адчуваючы бяды,
Ці жаба, зблытаная ў ціне, –
І ні туды, і ні сюды.

Зайду на нейкі сайт – і вісну,
Пакуль не вычытаю ўсё,
Зусім забыўшы рэчаіснасць –
Свае будзённае жыццё.

А недзе там гарыць каструля,
Страляюць бульбы вугалькі –
Зноў на вячэру будзе дуля.
Ды мне рэальнасць не з рукі.

Я, бы матыль, усё лятаю.
Ды паспрабуй мяне злаві!
Але шчаслівы, хто не мае
Нэта-залежнасці ў крыві!

17.05.2010


Верш Здаецца, нейкі розум маю - Таццяна Дзям'янава