Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Памяці паэтаў

Зноў смерць, касой махнуўшы, сее гора…
Зноў – боль… і скону парасткі – крыжы…
Па тым, хто жыў на гэтым свеце ўчора, –
Памінкі… ды аплакванне душы…

Так рана – не саспелыя калоссі!
Так хутка – а што бачылі ў жыцці?
Шчэ сэрцы не кранула нават восень…
А ўжо… яны – туман у небыцці…

Чаму? Ды вось такімі маладымі –
Калі яшчэ так многае маглі б?!
Ці неба, распасцёртае над імі,
Прыцягвае найлепшае з зямлі?

А мо іх вабіць ззянне дальніх зорак?
Ці кліча плынь забыўнасці-ракі?
Паэты, кампазітары, акцёры…
Артысты, рэжысёры, мастакі…

Чаму?!… Не дапісаўшы, не дапеўшы,
Жыццё не дакахаўшы і жанчын…
Пакінуўшы пачуцці ў сваіх вершах,
Мелодыях і дзеяннях карцін…

Пайшлі… Няўжо настане новы ранак?
Без іх… Няўжо снягі вясной збягуць?…
Чаму іх забіраюць нечакана
І часу развітацца не даюць?!

Але… наўрад ці нам адкажа Ойца…
На жаль, таго не дадзена спазнаць…
А мо Ён так збірае лепшых творцаў,
Каб іншы свет на небе апяваць?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Памяці паэтаў - Таццяна Дзям'янава