Верш Мая родная мова
Мая родная мова – калыска,
У якой мяне гушкала маці –
Калыхаючы песеннай нізкай,
Навяваючы сон немаўляці.
Нада мной рассыпаліся гукі,
Вадаспадам мелодый луналі,
А матуліны цёплыя рукі
Нібы спевы, мяне абдымалі.
Мая родная мова – акенца,
Праз якое я згледзеў юнацтва
І ў сусвет адчыніў свае сэрца,
Каб жыцця вечным вучнем застацца.
І, каб чэрпаць са скарбніцы ведаў
І празрыстай крыніцы маралі,
Я пявучымі словамі зведваў
Скарб, што продкі мае назбіралі.
Мая родная мова – куточак,
У якім я, напэўна, не першы
Столькі дзён бедаваў, столькі ночак,
Насычаючы думкамі вершы.
Праліваў, бы віно, адчуванні,
Марнаваў, як карцела, паперу –
Адлюстроўваў у творах каханне
Маляваў свет надзеі ды веры.
Мая родная мова – прасторы
Беларускай зямлі сінявокай,
Дзе нябёсы глядзяцца ў азёры,
Вадасховішчы, рэкі, пратокі.
А вакол – мілата прыгажосці:
Пералескі, лясы і дубровы.
Не апець Беларусь маю госцю,
Без пявучых эпітатаў мовы!
Мая родная мова – прытулак,
У якім я шчаслівы заўсёды –
Незалежна ад межаў няўтульных,
Ад свавольнага густу і моды.
Я і зараз у ім радасць маю,
І па скону душу супакою.
А пакуль што – жыву, і кахаю,
І валодаю мовай сваёю…
29.11.2010