Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кажуць – памёр

Кажуць – памёр. Нечакана… ў бальніцы.
Ноччу. Амаль ужо суткі таму.
З ныркамі нешта і сэрцам. Сястрыца
Кропельніцу ледзь зрабіла яму.

Шок. Ды не веру ніводнаму слову!
Ён – такі дужы, здаровы – сканаў?
Дух заняло. Адняло нават мову.
Ён – хто не крочыў, а лётаў, лунаў?

Ледзь 50. Толькі сталасць – не болей.
Самая сіла і розум – каб жыць.
І вось цяпер не ўсміхнецца ніколі
І недзе там нерухома ляжыць?

Быў – і няма. Як да жудасці проста!
Так і сыходзяць – адзначаны факт –
Сёння мужчыны сярэдняга ўзросту –
Раптам ці рак, ці інсульт, ці інфаркт.

Толькі ж учора спяшаў на работу –
Бег да машыны – шыкоўны, бы фат.
Потым ад жонкі раўнівай употай
З працы падвозіў знаёмых дзяўчат.

Колькі ўсяго засталося учора!
Ён быў шчаслівым, і ён быў жывым.
Сёння ж – хаваюць… нябожчыка. Гора!
Болей ніколі не ўбачымся з ім!

Больш не пачуем яго “прывітанне!”,
І не сагрэемся ў сонцы вачэй.
Кропка. Сыход. Назаўсёды растанне.
Кропля слязы як вугольчык пячэ.

Жонка і дзеці над целам галосяць –
Над даражэнькім, над любым сваім…
Колькі пажыць на зямлі засталося,
Перш, чым узыйдзем у неба за ім?

26.09.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кажуць – памёр - Таццяна Дзям'янава