Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А мне? A мне, як кажуць, Бог не даў

А мне? A мне, як кажуць, Бог не даў
спяваць псалмы і танчыць паланезы.

Я воблакам спыніцца загадаў –
яны з мяне смяяліся, гарэзы.

Я снег стварыў з метафараў і мар,
я дождж сыпнуў на ружы поўнай жменяй…
Ды снег і дождж, няйначай, Люцыпар
ператварыў у ліпеньскі прыпар.

А ты?
А ты здзіўляешся ўсё меней.
У твой палац я лірнікам прыйду –
скажы, каб слугі адчынілі брамы.
Я Песняў Песню для цябе складу –
для гэтага я быў калісь абраны?

Я ў свет дабра спяшаўся. He паспеў.
I з кубка піў над чараю Грааля.
Гучыць над краем твой чароўны спеў –
без скрыпкі, без дуды і без раяля!

Хай слухаюць салоўкі ў лясах,
глядзіць багіня маладосці Геба,
як маладзік з саломкі ў валасах
тваіх, бы сонцам дадзены пасаг,
заблытаўся й не вырвецца на неба!

Ты з крымскіх гор у снах маіх бяжыш
у слуцкае найсонечнае лета.
Кахай мяне, каханая, любі ж –
адзінае, чаго, як ласкі звыш,
спакон вякоў вымольвае паэта.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш А мне? A мне, як кажуць, Бог не даў - Міхась Скобла