Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ***Веснічкі. Вярба. Калодзеж. Сені

Веснічкі. Вярба. Калодзеж. Сені.
Не страчаеш. Ў хату не завеш.
Самі стол паставілі і селі.
А бліны дзе? Не, не прынясеш.

А вазонаў! Па табе сумуюць.
Ты іх не прыходзіш паліваць.
Кнігу на стале тваю святую
Не бярэ ніхто больш пачытаць.

Шафа рук тваіх цяпла чакае,
Печ даўно ніхто ўжо не паліў.
Певень недабудзіцца – спявае.
І Дружок твой голас не забыў.

Зноў калодзеж. Веснічкі. Машына.
Крыж ля плоту – абярэг людзей.
” У імя Айца, у імя Сына…”
Нас з малітвай тата правядзе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ***Веснічкі. Вярба. Калодзеж. Сені - Таццяна Цвірка