Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Стансы для Старога Берасьця

А

Мой горад сыходзіў паціху ў сюжэты карцін,
зьнікаў, як зьнікае вандроўны тэатр-шапіто.
З уласнаю сьмерцю застаўся сам насам, адзін –
вялізны музэй з артэфактамі даўніх часін
у чые галерэі адгэтуль ня трапіць ніхто.

Б

Яны падрывалі дамы за дамамі. І пыл
сядаў на мундзіры герояў забытых войн.
Усё разумелі на ўласны імпэрскі капыл,
вадзілі між мёртвых руінаў уласных “кабыл”,
і месьцічы бачылі: гораду поўны гамон.

В

Пасля ўсё складалася з гучных ідэяў і фраз.
Падводы з цаглінамі, даўкі казармены пах,
праекты будынкаў: зьверху, профіль, анфас…
Штомесяц сюды пад’язджаў круты тарантас
і нейкі вайсковы грузін захапляўся: “вах!-вах!”

Г

А потым пачаўся шызоідны ціхі кашмар
і прывіды места ўрываліся ў хворыя сны,
у душы ўліваючы цёплы вар’яцкі ўзвар.
Бо новыя вуліцы, новы сумніўны штандар
ня мелі някай каштоўнасьці й нават цаны.

Д

Прытоны, забойцы, гандлёвыя плошчы, смурод…
Ці можна ўзнавіць яго тлумную, пругкую плоць?
Той мініятурны шматколерны горад-суплёт
чароўна ўбіраў безьліч тэмбраў, адценьняў і нот.
Як мала патрэбна каб гэта ўсё перамалоць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Стансы для Старога Берасьця - Сяргей Прылуцкі