Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Моўныя вершы

Моўныя вершы
Нас усіх аб’ядноўваюць вершы –
Гэта цяга да мовы бацькоў.
Паспрабуй прачытаць толькі першы –
Закахаешся ў шчырасць радкоў.
Нас усіх аб’ядноўвае мова –
Чым яшчэ нас магчыма з’яднаць?
Гэта нашае чыстае слова,
Гэта тое, што ў нас не адняць.
***
Мяне не клічуць, я прыходжу так,
Складаю словы, адымаю смутак.
Я дум, табой народжаных, мастак,
Я спрэчка ад любой гадзіны сутак.
Я першы шпак, што ўзняўся на крыло,
Я музыка, якая грае гучна,
Я сонечнае цёплае святло –
Са мною лёгка, весела і зручна.
Шукай мяне ва ўласных каранях,
У вёсках, дзе бацькі хадзілі ў школу.
Я – твой надзейны шчыт, твая браня,
Я – паравоз, што захапіў Міколу.
Я нешта тое, што заўжды з табой,
Але чаго табе так не хапала:
Я – голас, што не знаецца з журбой,
Я – мова, на якой пісаў Купала.
19.02.2014
Ласкаю, пяшчотай, дабрынёй –
Тым усім, што дзесьцi пахавана
Пад трывалай скураю-бранёй –
Я дзялюся з вамі ўсхвалявана.
Я панурым, нелюдзімым быў,
Бо раней па-руску вёў размовы.
Сэнс жыццёвы, як агонь, здабыў:
Паляцелі іскры-дзеясловы.
Не бяда, што троху пасівеў:
Зноў мяне вучыцца кліча парта.
Зараз я дзялюся тым, што меў,
Што хаваў так доўга, так упарта.
Дайце мне па поўнай уздыхнуць –
Вецер перамен сарвецца з лёгкіх,
З вуснаў словы родныя злятуць,
Нібы журавы з краін далёкіх.
Не грашовых я прашу пазык,
Іншы шлях да шчасця мной абраны:
Дайце мне пілюлю пад язык –
Слова, што загоіць сэрца раны.
13.01.2014
У ажурным харастве восень залатая,
Парк такі прыгожы стаў, што зайздросціць Бог.
На таполю адпачыць села птушак зграя,
Пад якой складаю я словы – у слупок.
Я складаю словы так, як шапоча вецер.
Водзіць за руку мяне сонечны прамень.
Я шчаслівы, далібог, бо на гэтым свеце
Станаўлюся сведкам я толькі лепшых змен.
Я інакш гляджу на свет – вывучаю мову,
Ад якой калісьці збег (быў такі дурны!).
Я згубіў свайго жыцця лепшую палову,
“Жил по правилам чужим сын своей страны”.
Хутка прыйдуць па мяне. Час для эпілогу.
Я гляджу гадам у твар, скінуўшы каптур.
На маім плячы анёл нешта шэпча Богу –
Ён чытае вершы скрозь восеньскі ажур.
20.03.2014
Я не валодаю мовай –
Мова валодае мной.
Чую, здаецца, па новай
Гукаў абуджаных рой.
Мова мяне вывучае:
Хто я, чаму і куды?
Сумнай усмешкай страчае
Скрозь рускамоўя гады.
Нешта мяне падштурхнула,
Нехта вядзе за руку.
Роднае слова кранула,
Каб апынуцца ў радку.
Просіцца верш на паперу,
Птушкаю б’ецца ў акне…
Здолее мова, я веру
Вывучыць зноўку мяне.
27.05.2015
АБ’ЯВА
Патрэбны ўрокі мовы.
Умовы шакаладныя.
Я не прыму адмовы
ад вас, мае сябры!
У гэтай прапановы
расцэнкі ўсе дакладныя:
магу плаціць за словы,
за кожнае – па тры
(рублi / даляра / еўра) –
вы самі выбіраеце.
Вучоба – гэта нервы,
за гэта і плачу!
Натурай? Ёсць кансервы…
А што вы мне параіце?
Прыйду да гея, сцервы,
бо размаўляць хачу!
17.06.2015
Я звычайны паэт-інжынер, я складаю, як чую,
Для мяне вершаваны радок – гэта гукаў гульня.
Уявіце сабе: я ад сэрца да сэрца качую,
Я вандрую па сетцы без грошай, сяброў і каня.
Толькі вочы заплюшчу – пачнецца маё вандраванне
Ў той нязведаны свет, дзе жыццё – нібы верша радок.
Я шукаю свой шлях, я іду, як юнак на спатканне,
Вершаваная рыфма дае мне паветра глыток.
Энергетыка мовы сілкуе мяне і натхняе,
Я глытаю, я п’ю прыгажосць, мілагучнасць яе:
Слова роднае лечыць, выхоўвае, абараняе…
Я паэт-інжынер, і ад гэтага сэрца пяе.
08.06.2015
Болей маўчаць не варта,
Холад маўчання знік.
Сэрца палае ўпарта.
Цела – не вартаўнік,
З вуснаў злятаюць словы –
Мова ідзе на ўзлёт.
Можна рабіць высновы:
Сэрца растопіць лёд,
Парай крылатых словаў,
Парай душэўных фраз.
Хопіць запасу дроваў,
Моўны агонь не згас.
Болей маўчаць не варта!
Згодны, дык паўтары
(гэта, сябры, не жарты):
“Мова жыве ўнутры”.
12.05.2015
Кожны сам за сябе. Не чытай мае вершы, не трэба.
У гадзіну цяжкую я мушу застацца адзін.
У нябёсаў прашу я не грошай, гарэлкі і хлеба,
А спакою навечна пакінутых сонцам ільдзін.
Хутка сам, нібы лёд, ад усмешак гарачых растану,
Пабягу ручаямі скрозь Свіслач да бацькі Дняпра.
Прыйдзе час, я ад гэтага “хутка” хавацца не стану,
Не шкада мне жыцця: шмат паспеў я пакінуць дабра.
Гэта добрыя словы, што льюцца павольнай ракою,
Гэта дзеці дзяцей, што аднойчы падымуць мяне,
Гэта мова – падмурак дзяржавы, крыніца спакою,
Гэта шлях, на якім падарожніка слова кране.
Кожны сам за сябе перад небам трымае экзамен.
Не чытай мае вершы, згубiўшы сябе ў мітусні.
А калі прачытаў, то бязмоўя дакорлівы камень
Кінь далей, вызваляючы сэрца сваё ад хлусні.
05.03.2014
“Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай…”
Аркадзь Куляшоў, 1928
Цякуць удзячнасці напісаныя словы,
Да тых, хто сэрцам адчувае родны край.
Да тых, хто адчыніў сябе для роднай мовы
І кажа ёй на ёй: “Прашу, не памірай!”
Шкада, жыцця пражыта большая палова,
Але шчаслівы я, што зразумець паспеў:
Усё, што мае чалавек свабодны – мова.
Няхай скрозь час ляціць яе прыгожы спеў.
Я ўдзячны небу за Мулявіна “Алесю”,
За вершы чыстыя, што напісаў Аркадзь.
Няма без мовы да жыцця мне інтарэсу,
Таму мы будзем жыць – нам нельга памiраць.
22.02.2014
Калі няма чаго сказаць – маўчы,
Не парушай нясмелай цішы роздум.
Застанься лепей хатнім і цвярозым,
Ды мову па падручніках вучы.
Калі няма куды ісці – ляжы,
Не пэцкай ногi ў брудзе прыдарожным.
Галоўны шлях прайсці паспее кожны
Да самае апошняе мяжы.
Калі не верыш анікому – вер
У Бога, ён цябе не расчаруе.
Ён маўчуноў і гультаёў даруе,
Бо чалавек без веры – гэта звер.
01.04.2014
“Я мужык-беларус, –
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзве валасы…”
Я. Купала, 1905-1907
Я мужык-беларус, –
Слова роднага пан;
Нёс каштоўны свой груз –
Мовы казачнай збан,
Але страціў яго
Ў ліхалецці гадоў.
Не мяне аднаго,
А мільённы ратоў
Прывучылі казаць
На расійскі манер,
Пачалі вытрасаць,
Беручы за каўнер,
Словаў родных святло,
Мовы нашай агонь, –
Мы згубілі цяпло,
Нібы вершніка конь.
Мы згубілі ў баі
І дачок, і сыноў.
Нам спяваюць гаі
Казкі новых паноў.
Прачынайся, народ!
Я – мужык-беларус
Разамкну табе рот,
Ды на чысты абрус
Мовы казачнай збан
Я пастаўлю табе!
Хутка здзейснiцца план,
Нам не жыць у журбе!
07.03.2014
Гэта вельмі дрэнны верш,
Ты яго не слухай.
Лепей мне язык адрэж,
Бо пісаў пад мухай.
Што за тэма? – Ні пра што!
Дзе герой станоўчы?
Здолеў ты б такіх хоць сто
Напісаць да ночы.
Нельга гэты верш чытаць,
Гэта ўсё брыдота.
Бессэнсоўна рыфмаваць
Багну ды балота.
Кажуць, будзе значна лепш,
Кажуць, будзе лепей
Пахаваць вось гэты верш
У каменным склепе.
Але слова ажыве,
Уваскрэсьне зноўку,
Нібы кветкі на траве,
Выйдзе з-пад алоўка.
Напісаў я дрэнны верш,
Ну і ўсё, і хопіць.
Гэта быў гарэза Серж –
Са Смаргоні хлопец))).
09.02.2014
Паэта век кароткі,
Бо ён заўжды дзіця.
Яго чакаюць продкі
На тым баку жыцця,
Яго чакае слава,
Памрэ, і будзе так.
Адчуе боль дзяржава:
“Сышоў ад нас мастак
Жывой, народнай мовы” –
Хтось вымавіць услед…
Ён не пачуе словы,
Не вернецца паэт.
16.11.2015
Часу яшчэ дастаткова
(сёння – палова жыцця):
Вывучу “мову нанова”,
Выйду ў народ з небыцця,
Гучна, у поўныя грудзі
Вершы на плошчу пралью…
Добрымі ўсмешкамі людзі
Вернуць мяне на зямлю.
01.11.2015
Я жыву багата,
Я жыву прыгожа.
У мяне ёсць хата,
У мяне ёсць ложак.
У мяне ёсць лыжка,
У мяне ёсць мiска.
Хутка выйдзе кнiжка –
Дасягненняў рыска.
Я жыву сумленна,
Вывучаю мову.
Я не лезу ў “члены”.
Большую палову
Пакiдаю дзецям –
Хай жывуць, “як людзi”.
Не бываю “трэцiм”,
Не гультай, не труцень.
Я не маю просьбы,
Будзе дастаткова,
Каб сказалi: “носьбiт!”, –
Каб адчулi – “мова!”
23.06.2015
Словы мае – простыя, нібы травы,
Мова мая – ціхая, як вада.
Я не шукаў грошай, пашаны, славы,
Вершамі жыў – міма ішла бяда.
Вочы мае бачылі шмат благога,
Рукі мае праца не берагла.
Я будаваў мост ад Зямлі да Бога –
Мара мая, крохкай, на жаль, была.
Я не здабыў вечнага і святога.
Што вам імя, прозвішча што маё?
Вершы мае – да забыцця дарога,
Вочы мае выдзяўбе груганнё.
Дзе вы, сябры? Хто за мяне паплача?
Свечку ў царкве хто мне запаліць з вас?
Справы мае – дробныя, нібы здача,
Думкі мае – цяжкія, нібы час.
08.01.2015

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Моўныя вершы - Сяргей Махнач