Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Багдановічу

Сцюжны час, бязмежна суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
“Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.
He давайце святыні псам!
He давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь”.
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
I не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў “за другі”,
За мяне, за вас і за ўсіх.
I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія –
He загіне давеку народ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Багдановічу - Уладзімір Караткевіч