Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чырвоны Касцёл

Касцёл Сымона і Алены,
Мы да цябе прыходзім зноў.
Пан Езус тут жыве нятленны
І дорыць нам сваю любоў.

Высокія вежы, чырвоныя сцены…
Тут шмат пакаленняў прайшло.
Бяссмертныя душы Сымона, Алены
Струменяць з нябёсаў святло.

Суровай часінай кляны на дасвецці
Шпурлялі лістоту на дол.
Памерлі калісьці нявінныя дзеці,
І ў памяць іх вырас касцёл.

У розным настроі, у розным узросце
Мы ў Божы Будынак прыйшлі.
Давайце запомнім, што мы – толькі госці
На гэтай трывожнай зямлі.

Наш лёс узлятае, як тыя арэлі –
То ўверх, а то ўніз, да зямлі.
Давайце запомнім, як свечкі гарэлі,
Як словы малітвы плылі.

Смяротныя мы, і памерці павінны.
Дык глянем з любоўю наўкол.
Навекі запомнім святыя хвіліны.
Запомнім Чырвоны Касцёл.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чырвоны Касцёл - Леанід Дайнека