Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада пра чырвоны сцяг

Імчыцца песня па шляхах
Пра славу казака –
Яму даручаны быў сцяг
Гвардзейскага палка.

Пад сцягам, хілячы чало,
Стаяў казацкі строй,
Як быццам полымя плыло
Над кожнай галавой.

Пад сцягам тым на бой, на смерць
Байцы ішлі не раз,
На сцягу тым – прысяга, чэсць
I мацеры наказ.

На сцягу тым палала кроў,
Блішчалі росы слёз,
Гвардзеец горда ў дні баёў
Яго на захад нёс.

Мяшаўся морак, дым і пыл,
А вораг падаў, бег,
Як быццам чорныя снапы
Лажыліся на снег.

У бітву сцяганосца вёў
Святы народны гнеў.
I сцяг у водблісках агнёў
Сурова палымнеў.

Казак не згледзеў аднаго, –
Абкружан быў калі,
Як цэлай зграяй на яго
Эсэсаўцы пайшлі.

Узняўся крык: – Здавайся, рус!..
Здавайся лепей сам! –
Гвардзеец крыкнуў:
– Лепш памру,
А сцяга вам не здам!

I, прыгарнуўшы сцяг святы,
Сабе ён чысціў шлях.
Званілі коней капыты
Па збітых чарапах.

Ужо зімовы бляск зары
Лажыў канец начы.
Ён бачыў – верныя сябры
Імкнуць дапамагчы.

Але прад ім бліснуў кінжал,
Засадніла ў грудзях,
I хоць закрыла зрок імжа,
У думках рэяў сцяг.

Баец загінуў як герой,
Абняўшы шоўк, ляжаў,
I сцяг, аброшаны крывёй,
Яшчэ ярчэй палаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балада пра чырвоны сцяг - Пятрусь Броўка