Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спроба акраверша

Пануе ў горадзе спякота,
Асела пылам на дамах;
Асфальт прагоркласцю прапах,
Пакрыўся чорным ліпкім потам.

Паўзуць марудныя трамваі,
Віляюць вяла “Масквічы”,
А духата – ну хоць крычы! –
За горла пальцамі сціскае.

Вакол да неба – сцены, сцены…
З адчаю ў вёску я махну,
Раскіну рукі і нырну
У свежа-лёгкі водар сена!

Ды толькі й там ці так духмяна,
Як уяўляецца ў душы?
“Жыві, сынок, і не грашы…” –
Здалёку чую голас мамы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Спроба акраверша - Рыгор Барадулін