Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зорачка, зорка! Маленькі ліхтарык

Зорачка, зорка! Маленькі ліхтарык,
Светлая кропка ў начной вышыні!
Недзе здалек на Зямлі дробны шарык
Шчодра ты сыплеш свае прамяні.

Цемру, што мір навакольны накрыла,
Што неабмежна пануе ўначы,
Света жывога магутнаю сілай
Ты намагаешся перамагчы.

Толькі занадта жывеш ты далека
Ў княствах магутных агромістых зор
Промням тваім шлях даецца нялёгка:
Большасць захопіць сусветны прастор.

З блізку ты, можа, магутней за Cонца,
Толькі калі хто ад нас паглядзіць,
Ты на нябёснай тканіне бясконцай
Гузік маленькі, што ледзь зіхаціць.

І ні за што б табе сіл не хапіла,
Ператварыць ноч падобнай да дня.
Толькі на шчасце ў начным небасхіле
Сыплеш праменнямі ты не адна.

Дружнаю казачнаю талакою
Млечнага шляху, сузор’яў, планет
Кожную ноч па-над соннай Зямлёю
Зоры святлом напаўняюць Сусвет.

Дораць надзею і напамінаюць:
Рана ці позна – ізноў будзе дзень,
Цемра адступіць і сонца падарыць
Кожнаму з нас сваёй ласкі прамень.

Толькі ў пагоні за светлаю марай
Разам з сябрамі заўсёды ты кроч:
Па аднаму нас не бачна з-за хмары,
Разам жа зможам адолець і ноч.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зорачка, зорка! Маленькі ліхтарык - Святаслаў Свяцкі