Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Святланачка-ашмяначка

Ішоў я неяк берагам Ашмянкі-рэчкі вечарам,
Сустрэў дзяўчыну светлую – ідзе, смяецца з нечага,
Ідзе, смяецца з нечага, уся такая ладная,
Вясёлая, прыгожая бяляначка прывабная.

– Дзяўчыначка-бяляначка,
З усмешкай, як маланачка,
Дзяўчыначка-бяляначка,
Адкуль ідзеш, святляначка?

-Іду, гуляю беражкам,- яна сказала ветліва.
А я ў адказ: – Паверыш мне? Цябе здалёк прыкмеціў я.
Такая ты прыгожая, дзяўчыначка-бяляначка,
А як завешся, дзеванька, скажы імя, святляначка!

– Дзяўчыначка-бяляначка,
З усмешкай, як маланачка,
Дзяўчыначка-бяляначка,
Скажы імя, святляначка!

-Назваў мяне святляначкай ты толькі што, хлапчыначка,
А ў мамы я – Святланачка, ашмянская дзяўчыначка.
З Ашмянаў ды за рэчаньку іду дамоў, дахатачкі,
На Францішканскай вуліцы жыву там з мамкай, з татачкам.

– Дзяўчыначка-бяляначка,
Пайшлі са мной, Святланачка,
Дзяўчыначка-бяляначка,
Ты стань маёй каханачкай!

І мы пайшлі з бяляначкай, услед за даляглядамі.
Знайшлі любоў высокую, пачуцце безагляднае.
З тае пары са Светачкай ідзём адной сцяжынаю,-
Навекі паланёны я любімаю дзяўчынаю.

– Дзяўчыначка-бяляначка,
Любімая Святланачка,
Святланачка-ашмяначка –
На ўсё жыццё каханачка!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Святланачка-ашмяначка - Пётр Шакола