Верш Сыны
Пройдзе час, адгрукаюць гарматы,
Змоўкнуць стрэлы,
Знікнуць хмары дыму,
Сабяромся мы да роднай хаты
I спытае ў кожнага радзіма:
– Па якіх шляхах дамоў вярнуўся?
Чым памог ты маці-Беларусі?
На шырокі выйшаўшы гасцінец,
Зніме шапку пыльны пехацінец:
-Я люблю цябе душой гарачай.
Да цябе сляды крывёй азначыў.
На лугі густыя,
На мурогі
Пусціць коннік друга варанога,
Уздыхне, забыўшыся на змору,
Ды гукне ў шырокія прасторы:
– Я скакаў да вас,
Ляцеў стралою,
Чарапы паганцаў пада мною.
I танкіст, прыпаўшы да крыніцы,
Каб вады жывучае напіцца,
Скажа: – Я прарваўся з боем,
Толькі тут я смагу супакою.
Да аблок узняўшыся высока,
Памахае крыллем горда сокал:
– Добра мне пад небам сінім нашым,
Каршуновы хмары разагнаўшы.
I ў мяне спытаюцца, вядома:
– З чым жа ты вярнуўся, сын, дадому? –
Гляну я адкрыта маці ў вочы:
– Я не спаў ні днём, ні цёмвай ноччу,
Сэрцам і душою быў з табою,
Я прыйшоў са срэбнай галавою.
Калі чуў я гоман твой балесны –
Плакала засмучаная песня,
Узнікала над франтамі бура, –
Узлятала песня, як віхура,
I чужынца ў гарадах і сёлах
Навылёт, як штык, яна калола.
Беларусь, радзіма!
Край наш родны!
Чуеш кліч ты, радасны, паходны:
– Хутка будзе знішчана навала!
Нездарма сыноў ты гадавала.