Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш ТРЫ ПАДАРОЖНІЦЫ

ТРЫ ПАДАРОЖНІЦЫ

Тры падарожніцы немаладыя
неяк сышліся ля брамы ў сцяне.
— Дзева самотная, хто ты?
— Марыя.
— Што тут стаіш?
— Не пускаюць мяне.

Горка ўздыхнулі. Слязой арасілі
дол і няхітрую ежу сваю.
— Як ты завешся, сястра?
— Еўфрасіння.
— Што тут шукаеш?
— Радзіму маю.

— Скуль жа ідзеш ты?
— З Ерусаліма.
Доўга маўчалі. І дзень пацямнеў.
— Маці сівая, а ты хто?
— Радзіма.
— Дзе ж твае дзеці?
— Забылі мяне.

Ціха пастукалі ў браму. А людзі,
пэўна, прыснулі, бо позні быў час.
…Ноччу ўсхаплюся – як стрэлілі ў грудзі.
— Хто ты, — пытаю.
Дыханне ў адказ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ТРЫ ПАДАРОЖНІЦЫ - Людміла Паўлікава