Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Снягір

О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы снягір на сасне,
Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,
Што ў душы не хацела і ведаць мяне.
Ёй былі непатрэбныя звялыя травы,
I, ад вераса горкі, вятрыска павеў,
І твая некрыклівая гордая слава,
I твая перамога, і мукі твае.
Зараз нехта другі перад ёю варожыць,
Сыпе золата мар, лье славесаў ваду…
Што паробіш. Была яна вельмі прыгожай.
За такімі і ў пекла мужчыны ідуць.
Я пайшоў бы таксама. Ў пякельным дыме
Можна ўскласці на ногі цярпення браню
I ўсё роўна спяваць аб азёрах радзімы,
Плечы гордыя ўзняўшы над морам агню.
I няхай першы камень у вочы мне кіне
Той з мужчын, хто не зможа мяне зразумець,
Той, хто маці сваёй не змяняў на жанчыну –
Залатога пяску на брынклівую медзь.
I канец. Сталі толькі маім успамінам:
Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь,
Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней
I рука, што лягла на маю далонь.
I для шчасця, для сонечнай вечнай кароны
He хапіла мазка адзінага мне:
He хапіла радзімы, іскры чырвонай,
Снегіра на заснежанай сіняй сасне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Снягір - Уладзімір Караткевіч