Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Перад мальбертам

Перад мальбертам, як іконай,
Душа ірвецца да нябёс,
Каб ласкай Божай блаславёнай
У фарбах вылепіць свой лёс.

А лёс мой – маці Беларусі
Веліч неба, крыўда й боль…
О, як сабраць мне краскі ў скрусе
Душой, ахутанай у золь?

Каб перадаць сваё маленьне
Прад гэтай Божаю красой:
Прад васільковым азарэньнем
Палёў. Лугоў, квітнеючых расой.

Прад гэтай вечнай песьняй хлеба-
Што, з сонца вытканых, жытоў.
З ільноў, праменяцца што небам.
З ружовай мройнасьці садоў…

Ды ўжо даўно мая палітра-
З Палесься вечных туманоў-
Як я сама, п’е водар ветру
З маіх надпрыпяцкіх лугоў…

І блякне кобальт срэбны ранку.
Хмурнее возера блакіт-
Тут чорнай, мёртваю бусьлянкай
Ляжыць журба паміж ракіт.

Ой вы, чарнобыльскія цені
Невыказанае тугі…
Крылом зламаным Птушкі Жэні
Баліць мой пэндзаль дарагі…

1989

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Перад мальбертам - Ніна Аксёнчык