Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А ці памятаеш тое спатканне

А ці памятаеш тое спатканне –
Як квітнелі сады па начах?
Зоркападам ўсміхалася ранне
У бурштынавых неба вачах.

Як анёлы кружлялі ў аблоках
І з саспелымі марамі ўслед
Паднябеснымі ціхімі крокамі
Адыходзілі ў неруша свет?

І як водарны грушамі вечар
Закалыхваў мелодыю губ,
Што пад шэпат лістоты адвечны
Сваім ценем ахоўваў Пан Дуб.

Як стракатымі снамі маланкі
Асвятлялі абсягі часоў…
І на крылах малінавых ранкаў
Дні ўзляталі да даўніх багоў,

Можа, памяць твая не памерла,
Як не згінула водарнасць груш
Як не знікла саспелая вера
Знітаваных начамі тых душ.

І спякотнымі жніўня вачыма
Аглядаеш пражытае там,
Дзе анёлы бурштынавакрылыя
З аблачынак ўсміхаюцца нам…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш А ці памятаеш тое спатканне - Павел Гаспадыніч